Сябрам

Пра Дунілавічы,а таксама пра сваю сям’ю.
Реклама

Глыбокае — Вільня праз Дунілавічы

Рэклама аўтобуснай лініі Глыбокае — Вільня. Газета Gluboker Sztyme, Nr. 19, 13 мая 1938 года.

Крыніца: https://i.mycdn.me/i?r=AyH4iRPQ2q0otWIFepML2LxRnqi-VjXULaZD_EJnq6sMKQ ,публікацыя — Кастусь Шыталь.

Мемарыял

 

 

Сярод мястэчка Дунілавічы здалёк відаць высокі невялікі пагорак. Яскрава бачна, што створаны ён не без удзелу чалавечых рук. Да канца XIX стагоддзя на гэтым месцы ўзвышаўся велічны драўляны фарны касцёл.

Пабудаваны ў 1624 годзе ўладальнікам мястэчка Янам Зміцеравічам Далмат-Ісайкоўскім пад тытулам Святых Апосталаў Пятра і Паўла.

У 1693 годзе касцёл быў адноўлены пасля пажару і зноў кансэкраваны пад першапачатковым тытулам.

Урэшце ў XVIII стагоддзі абодва тытулы былі аб’яднаны ў адзін — Нараджэння Найсвяцейшай Марыі Панны і Святых Апосталаў Пятра і Паўла.

У 1890 годзе будынак касцёла зноў згарэў ад маланкі, што трапіла ў яго.

Аднавіць будынак касцёла на ранейшым месцы ўлады не дазволілі, ад касцёла застаўся толькі пагорак і вялікі склеп. Падчас Першай Сусветнай вайны жыхары мястэчка хаваліся ў ім ад артылерыйскіх абстрэлаў. Існуе гэты склеп і цяпер.

Далейшыя падзеі адносяцца да савецка-польскай вайны 1919-1920 гадоў.

Гэтую неаб’яўленую вайну можна ўмоўна падзяліць на тры часткі: 1919 год – наступленне польскіх войскаў, студзень-сярэдзіна жніўня 1920 года  — контрнаступленне Чырвонай Арміі і імклівае наступленне (“Цуд на Вісле”) польскіх войскаў.

У сакавіку 1921 года заключана Рыжская дамова, згодна якой Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы.

У другой частцы вайны, у самым пачатку чэрвеня, пад мястэчкам Дунілавічы адбылася вялікая бітва паміж польскімі і савецкімі войскамі.

Асноўнай сілай палякаў быў 36-ты пяхотны полк, які, як высветлілася пазней, вытрымаў націск дывізіі савецкіх войск. Некаторыя аб’екты па некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі, напрыклад, ”Чырвоныя могілкі” на ўсходняй ускраіне мястэчка.

Савецкія войскі вымушаны былі адступіць у напрамку Глыбокага.

Загінула шмат салдат з абодвух бакоў, толькі на “Чырвоных могілках” падабралі каля сотні нежывых савецкіх воінаў. Іх пахавалі там, дзе яны згінулі, а фронт пакаціўся далей.

Мінуў час — і чацвёра жыхароў Дунілавіч, заручыўшыся падтрымкай польскіх уладаў, аб’ядналі сродкі і перазахавалі загінулых на пагорку, што застаўся ад былога касцёла.Так у мястэчку Дунілавічы ўзніклі мемарыяльныя могілкі.Могілкі за польскім часам

Чаму мемарыяльныя? Як вядома, мемарыял — гэта нейкі матэрыяльны або нематэрыяльны напамінак аб падзеі, чалавеку або нават цэлай эпосе. Пад большасцю крыжоў пахаванняў няма, гэта толькі знак; на крыжы выбіта: “nieznany żołnierz” (невядомы воін). Гэта сімвал свабоды, незалежнасці Польшчы, 100-годдзе якой яна адзначае сёлета.

Але не ўсё так адназначна. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, у асноўным пахаванні брацкай магілы ляжаць астанкі як польскіх салдат, так і савецкіх. Кажуць, што апошніх нават больш. Тыя, хто рабіў перазахаванне, справядліва вырашылі, што перад Богам усе роўныя.Помнік загінуўшым воінам

Магчыма, у пахаванне трапілі нават астанкі кітайцаў, бо на баку савецкіх войск у бітве ўдзельнічаў кітайскі інтэрнацыянальны батальён. Па нейкай прычыне пры  адступленні савецкіх войск салдаты не атрымалі загаду на адыход і загінулі.

Мясцовыя жыхары раілі ім адступаць, але кітайцы ўпарта адказвалі: ”Совет поставил, Совет и снимет!” Пазней гэты адказ стаў прымаўкай у нашай мясцовасці.

Асобная пліта на пахаванні — пілота-назіральніка Антоні Свяціцкага. Падчас паветранай разведкі ён быў цяжка паранены ў нагу, але працягнуў выконваць заданне. Калі самалет прызямліўся на аэрадроме, то пілот ужо быў нежывы, сцёк крывёй.

Пасмяротна ўзнагароджаны вышэйшай польскай узнагародай — крыжам «Virtuti Militari» № 8122.

Але вернемся да падзей сучасных.

…Калі ў чарговы раз плуг аб нешта скрабануў, стала зразумела — час ісці па рыдлёўку.

Было 3 мая 2014 года…

26 чэрвеня 1930 года ў мястэчку Дунілавічы адзначалася свята: з вялікай помпай  на мемарыяльных могілках ахвяр савецка-польскай вайны 1920 года асвячалі помнік Абаронцам Дунілавіч.

На адкрыцці помніка прысутнічаў  прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі.

Прайшло не так шмат часу – і ўлада ў чарговы раз змянілася, восенню 1939 года прышла Савецкая Армія. Помнік быў знесены, а арол, сімвал Польшчы, які раскінуўшы крылы, вянчаў помнік, — знік.

Мінула 83 гады, калі недалёка ад былога помніка плуг аратага аб нешта скрабануў…

Гэта дата з’яўляецца Днём Канстытуцыі Польшчы, многія палякі вельмі ганарацца Канстытуцыяй 1791 года.Ожел-16

Арол адліты з бронзы, вагой 27 кілаграмаў. Захаваўся добра, толькі знікла эмблема ўлады — карона на галаве. Прымацавана шыльда на польскай мове з указаннем аўтара скульптуры. Зараз гэты сімвал Польшчы знаходзіцца на рэстаўрацыі ў Мінску.

Ішоў час.. Нягледзячы на апеку мясцовай каталіцкай парафіі і ўладаў, мемарыял паступова разбураўся і перастаў адпавядаць патрабаванням часу.

Падчас святкавання 100-годдзя незалежнасці Польшчы на сродкі Міністэрства культуры і спадчыны гэтай краіны мемарыяльныя могілкі былі рэстаўраваны.Абноўленыя мемарыяльныя могілкі

1лістапада 2018 года ў прысутнасці дзяржаўных дзеячаў Польшчы, прадстаўнікоў улады нашай краіны, каталіцкага духавенства, вялікай колькасці мясцовых жыхароў і гасцей адноўлены мемарыл быў адкрыты.

Парк Крыкалы

Калі душа ваша патрабуе адчуванняў часоў мінулых,накшталт апісаных у “Чорным замку Альшанскім” Уладзіміра Караткевіча,то вам патрэбна менавіта сюды  —  у Крыкалы.

Узнікненне гэтай цудоўнай мясціны адносяць да канца 18 – пачатку 19 стагоддзя.Тады,у маляўнічым месцы на сямі пагорках,пачалася закладка парку ландшафнага  тыпу плошчай каля 15 га.Парк ствараўся вакол сядзібы тагачасных гаспадароў.Усходняй мяжой сядзібы з’ўляецца рака Заражанка,паўднёва-заходняй часткай  —  дарога Дунілавічы – Варапаева.Уезд у сядзібу пачынаўся з гэтай самай,абсаджанай векавымі дрэвамі,дарогі.Злева ад уезду,на невялікім пагорку,стаяла капліца,невялікі малельны будынак.Крыху далей,справа ад дарогі,высока ў неба білі струмяні фантана.Масіўная,цалкам каменная ёмістасць ад гэтага фантана яшчэ зусім нядаўна была выкапана для гаспадарчых патрэб.Вакол фантана быў закладзены дэндралагічны сад са шматлікіх дрэў і кустоў з розных куткоў  свету.

Упіралася дарога ў каменны палац,уваход у які ахоўвалі дзве скульптуры львоў.Перад пачаткам 1-й Сусветнай вайны палац пачалі перабудоўваць,але калі пачалася вайна,то работы былі прыпынены.У час вайны ён наогул быў спалены і больш не аднаўляўся.

img019

Ад былой сядзібы застаўся свіран і два паўразбураныя гаспадарчыя будынкі.Гэтыя дзве пабудовы цікавыя сваёй архітэктурай  —  фасад каменны,а астатняя частка будынка драўляная,таксама ўражвае якасць каменных работ тагачасных майстроў.Да нядаўняга часу будынкамі карысталіся для гаспадарчых патрэб.

img024

Побач з будынкамі  —  сістэма сажалак,якія зараз вельмі зараслі,але ў іх праглядаецца стройная водная сістэма,пры якой вада пастаянна замянялася.

У 50-х гадах мінулага стагоддзя тут быў створаны калгас “1-ае мая”,потым размяшчалася база нарыхтоўчай канторы,зноў калгасная ферма,якая зараз не дзейнічае.

Дарога за былым палацам агінае ўзгорак і вядзе на поўнач.Справа ўзвышаецца пагорак,які называюць “Лысай гарой”.Гэта паросшая зараснікам ляшчыны гара з’ўляецца самай высокай кропкай парку.Паданні сцвярджаюць,што на вяршыні гэтага ўзгорка ніколі не растуць дрэвы,паколькі там у поўнач збіраюцца чэрці і правяць “шабаш”(ігрышчы).З гары адкрываюцца маляўнічыя краявіды на мястэчка Дунілавічы і наваколле.Наступная знакавая кропка  —  “Чортаў камень”.

img020

Разам з “Лысай гарой” ён з’яўляецца самым знакамітым месцам парку.Гэта вялікі камень з плоскай паверхняй,па форме крыху нагадвае сэрца.Раней на паверхні можна было разгледзець адбітак,нагадваючы след ступні,зараз ён амаль незаўважны.Побач з каменем добра прагледжваюцца рэшткі аднайменнага маста праз глыбокую расселіну.Існуе некалькі легенд аб гэтым месцы.Яны сцвярджаюць,што гэты мост быў сплецены з лазы,а мясцовы пан праязджаў па ім у брычцы на пары коней,бавіў час з чарцямі і гуляў з імі на камяні ў карты.

Як бачым,шмат чаго ў гэтых месцах звязана з “чартаўшчынай”.Сапраўды,у гэтых месцах чалавека агортвае незразумелая аўра таямнічасці,дыханне былых часоў.Здаецца вось-вось на зарослых сцяжынках з’явяцца постаці паненак у белых сукенках або праімчыць панская карэта.Калісьці на пасыпаных пяском сцяжынках,сярод дагледжаных дрэў, віравала жыццё,а зараз застаўся подых тых падзей.

Насупраць Чортавага маста могілкі,дзесятак-другі пахаванняў.Гады нараджэння пахаваных  —  канец 18 – пачатак 20 стагоддзяў.На жаль,усе пахаванні былі раскапаны і разрабаваны,але па ініцыятыве мясцовай улады і касцёла,з дапамогай мясцовага фундатара,могілкі адноўлены і занава асвечаны.

img022

Тут перасячэм умоўную мяжу парку і агледзім рэшткі вадзянога  млына на крыніцы.Застаецца толькі здзіўляцца разумнаму вядзенню гаспадаркі тагачаснымі ўладальнікамі сядзібы.На адной крыніцы створана водасховішча і пабудаваны невялікі вадзяны млын,які забяспечваў размол зерня для гаспадаркі.

Дно ручая.што цячэ з крыніцы,мае іржавы колер,магчыма,вада мае завышанае ўтрыманне нейкага элемента.

За крыніцай  —  лес,у якім не сусрэнеце ні адной вужакі,кажуць да гэтага часу дзенічае замова пана.

Так выглядае цікавае ў многіх адносінах,але малавядомае месца Крыкалы.

Нядаўна  на гэты парк звярнуў увагу старшыня МЭГА “Прырода і мы” Лысёнак А.К. Па яго ініцыятыве,на грошы фонда,было праведзена частковае добраўпарадкаванне парка і пракладзена экалагічная сцяжынка.Праз раку Заражанка  перакінуты 15-метровы каваны мост,для  бліжняй крыніцы выраблены і ўстаноўлены зруб і альтанка,на Лысай гары і ля маста абсталяваны месцы для заняткаў і адпачынку.

Расчышчана цэнтральная дарога,пракладзены сцяжынкі да знакавых месц.На ўездзе размешчаны інфармацыйны стэнд,указальнікі.

Парк стаў прыгодным для наведвання  школьнікамі і дарослымі.