Вуліца

Адна з самых працяглых вуліц Дунілавіч,зараз яна называецца вуліцай Асяненкі.Сучасны выгляд яе такі:

А гэта фота зроблена там жа ў 30-х гадах прайшоўшага стагоддзя.

Яшчэ адзін здымак амаль з той жа кропкі:

У які час ён зроблены?

Мяркую,што мужчына на ім – Скіндэрскі Станіслаў.

А як лічыце вы? 

10 нагод,каб наведаць Дунілавічы

10 нагод, каб завітаць у Дунілавічы:

1. Убачыць касцёл Найсвяцешай Тройцы (Троіцкі касцёл дамініканцаў).

Манументальны помнік архітэктуры позняга барока (з элементамі класіцызму). Заснаваны ў 1683 годзе па фундацыі Альжбеты Ісайкоўскай-Белазор. Да 1766 года існаваў драўляны касцёл. Мураваны будынак узведзены ў 1769—73 гадах пры 2-павярховым кляштары дамініканцаў (не збярогся).

Прыгожы агромністы храм, размешчаны ў цэнтры вёскі, уяўляе сабой трохнефавую двухвежавую базіліку з хорамі і арганам.

Мастацкую каштоўнасць уяўяляе каваная брама агароджы касцельнага пляца, вырашаная ў стылі ракако.

2. Разгледзець 5 алтароў.

Галоўны з іх — двух’ярусны, степеньчаты. Гэта адзіны ў Беларусі алтар такога тыпу. Пад другім ярусам зроблены праход, які злучае сакрысціі. У нішы супрацьлеглай сцяны вырабленая Труна Гасподня.

3. Памаліцца перад Цудадзейным абразом Маці Божай Ларэтанскай.

Марыя Ларэтанская лічыцца заступніцай пілотаў і тых, хто падарожнічае ў паветры, да яе звяртаюцца лётчыкі ўсяго свету.

4. Прайсці па тых сцежках, дзе хадзілі браты дамініканцы.

Каталіцкі манаскі жабрацкі ордэн быў створаны ў пачатку 13 стагоддзя, меў галоўным накірункам прапагандысцка-місіянерскую дзейнасць. У Беларусі дамініканцы з’явіліся ў пачатку 16 стагоддзя. Неслі ў народ веру ў Бога, а таксама адукацыю і культуру. Але паколькі каталіцкія ордэны падтрымалі нацыянальна-вызваленчы рух (удзельнічалі ў паўстанні 1830—1831 гадоў), то пазней кляштар зачынілі, а манахаў выслалі.

5. Наведаць сем могілак:

* яўрэйскія

(Тут пахаваны яўрэі мясцовага кагала, у тым ліку чатыры коэны. Першыя пахаванні датуюцца 1761 годам. Сёння налічваецца 369 магіл.

У 19 стагоддзі Дунілавічы, як і большасць мястэчак Заходняй Беларусі, доўгі час былі яўрэйскім паселішчам. Згодна з перапісам 1897 года тут налічвалася 1810 жыхароў, з іх 1553 — яўрэі);

* крыкальскія

(Тут пахаваны жыхары маёнтка Крыкалы, у тым ліку ўладальнікі аднайменнага фальварка. Помнікі датуюцца 18—19 стагоддзямі);

* «чырвоныя»

(На іх захавалася грабніца … Длужнеўскіх. Была пабудавана на мяжы 19—20 стагоддзяў, цяпер апраўлена);

* каталіцкія

(У 30-х гадах 20 стагоддзя тут быў устаноўлены адметны помнік мужу і жонцы Сямашкам са шляхты герба Лебедзь. Кажуць, што іх продак, мужны волат Ян Сямашка паслужыў прататыпам рыцара Лангіпівуса Падбіпенты ў рамане Генрыка Сянкевіча «Агнём і мячом», а эпітафію з яго магілы Уладзімір Караткевіч падае ў рамане «Нельга забыць»);

* праваслаўныя

(Знаходзяцца непадалёк ад каталіцкіх. Некалі на іх месцілася капліца);

* «расійскія»

(Называюцца так, бо надпісы на помніках на рускай мове, а частка пахаванняў — расійскіх ваенных. Датуюцца 19 стагоддзем.);

* мемарыяльныя (інтэрнацыянальныя) 

(Тут пахаваны вайскоўцы польскай арміі з 36-га палка Legii Akademickiej пад камандаваннем палкоўніка Ульрыха, якія загінулі ў ваколіцах Дунілавіч у 1920 годзе ў баях з арміяй Тухачэўскага, а таксама палякі, беларусы, рускія і кітайцы).

А яшчэ брацкае яўрэйскае пахаванне.

(Тут знайшлі супакой расстраляныя немцамі ў лістападзе 1942 года жыхары яўрэйскага гета — 828 чалавек, у тым ліку каля 300 дзяцей.

У пасляваенны час на брацкай магіле па ініцыятыве і на сродкі  Хаіма Рудэрмана быў устаноўлены помнік. Гэта адзіны жыхар-яўрэй, які застаўся пасля вайны ў Дунілавічах. Вярнуўшыся з фронту, ён некалькі гадоў працаваў старшынёй раённага спажывецкага таварыства, а потым выехаў у Польшу і далей у ЗША.

«Нельга ўсё жыццё жыць мінулым. Немагчыма ўсё жыццё пражыць на могілках», — сказаў ён перад ад’ездам.

Нядаўна пахаванне атрымала новы абеліск і надмагільны помнік. Каля яго часта можна ўбачыць жывыя кветкі і, згодна з яўрэйскім звычаем, дробныя каменьчыкі…)

У цэнтры вёскі таксама знаходзіцца помнік 34 землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

6. Пашукаць скарбы ў возеры Бледнае.

Згодна з легендамі, там затопленыя каштоўнасці, скульптуры і тэхніка… Гэта, як кажуць, асобная гісторыя.

7. Паглядзець на тыя мясціны, дзе ў лютым 1916 года пабываў імператар Мікалай ІІ.

Расійскі самадзержац правёў агляд войскаў, паабедаў у палацы графа Тышкевіча і адбыў на станцыю Сяславіна (цяпер — Крулеўшчына), дзе знаходзіўся яго цягнік. Можна пасядзець на канапцы, на якой рэальна мог бы адпачываць Мікалай ІІ (гэтая і іншыя надзвычай цікавыя знаходкі знаходзяцца ў прыватнай калекцыі мясцовага краязнаўцы Франца Хоміча).

Паколькі Дунілавічы падчас Першай сусветнай вайны трапілі ў зону баявых дзеянныў, у іх ваколіцах і сёння няцяжка адшукаць рэшткі акопаў.

8. Паслухаць пра забытыя з пачатку мінулага стагоддзя скляпенні ды праход паміж імі.

Яны знаходзяцца пад касцёлам Святых Апосталаў Пятра і Паўла (да нашых дзён не захаваўся) і касцёлам Найсвяцейшай Тройцы). Уваходы ў абодва сутарэнні закладзены, але іх размяшчэнне захавалася ў памяці вясковых старажылаў. Працягласць тунеля, які праходзіць пад цяперашнім скверам, менш за сотню метраў. Вось бы адкрыць гэтыя скляпенні ды прайсціся са свечкамі або паходнямі! Верагодна, вачам адкрылася б шмат цікавага…

9. Даведацца пра падзеі з сівой даўніны.

Не выключана, што гісторыяй, якая адбылася ў мястэчку Дунілавічы ў 30-х гадах 20 стагоддзя, не пагрэбаваў бы і Шэкспір для сюжэту адной са сваіх трагедый. Пра гэта — «Дунілаўская балада» (песня).

І сёння на каталіцкіх могілках вы адразу заўважыце вялізны шэры помнік з барэльефам Божай маці ў жалобе. Літары на ім амаль не сцёрліся, надпіс (польскімі літарамі) добра чытаецца: «Аліна Самовіч. Жыла 26 гадоў. Забіта 28 красавіка 1936 года»…

10. Наведаць сядзібна-паркавы ансамбль графаў Тышкевічаў у Крыкалах (знаходзіцца ў ваколіцах Дунілавіч).

Дакладней — тое, што ад яго засталося:

* рэшткі вялізнага жывапіснага панскага парку ў пезажным стылі, які разбіты на схілах сямі ўзгоркаў і падзелены глыбокім ярам. Дэндрапарк ніколі не меў агароджы і, фактычна, межаў. Тэрыторыя старанна даглядалася. Паўсюль былі пракладзены дарожкі, устаноўлены скульптуры.

На ўездзе ў парк, з левага боку, знаходзілася невялікая каплічка, каля якой стаяла фігура Святога Францыска. Дзейнічаў фантан у выглядзе галавы льва, з пашчы якога струмень вады сцякаў у вялікую ванну, высечаную з цэльнага камня. (Зараз ванна знаходзіцца каля мясцовага кафэ «Салаўніны гай».)

У парку раслі экзатычныя дрэвы і кусты. Сёння тут захаваліся вельмі старыя асіны-волаты, таполі, клёны і іншыя дрэвы;

* рэшткі пабудоў з цаглянымі фасадамі і фундамент сепаратарнага пункта для перапрацоўкі малака, што засталіся ад гаспадарчага двара, сажалка, частка плаціны вадзянога млына;

Можна на ўласныя вочы пабачыць Чортаў камень, з якім звязана шмат легенд: як легендарная вупражка, кіруемая самім чортам, імчыць праз незвычайнай прыгажосці драўляны вісячы плецены мост, названы Ведзьміным (сёння ад яго засталіся толькі апоры), на шабаш з графам-чараўніком; як апошні мог зрабіць так, што ні на адным узгорку ў парку не бачылі ніводнай змяі, хоць навокал было страшна ступіць (дарэчы, іх у парку і цяпер няма, хоць у бліжэйшым лесе хапае); як з аднаго боку плоскі валун (сам камень у рост чалавека і нагадвае па будове сэрца) меў нейкія таямнічыя знакі: ці то выяву якой карты, ці то нешта іншае, сцёртае няўмольным часам.

А таксама ўзняцца на Лысую гару — вышэйшы пункт парка. Неверагодна, але на яе вяршыні няма расліннасці. Кажуць, што ў поўнач чэрці правяць там шабаш.                 

У парку сапраўды пануе адмысловая аура. Адных людзей уражвае таямнічая і рамантычная атмасфера сярэднявечча, другіх агортвае лёгкая трывога, а трэція адчуваюць неверагодныя цішыню і спакой…

Нядаўна  было праведзена частковае добраўпарадкаванне парка і пракладзена экалагічная сцяжынка. Праз раку Заражанка перакінуты 5-метровы каваны мост. Каля бліжэйшай крыніцы выраблены і ўстаноўлены зруб і альтанка. На Лысай гары, каля маста абсталяваны месцы для заняткаў і адпачынку. Расчышчана цэнтральная дарога, пракладзены сцяжынкі да знакавых месц. На ўездзе размешчаны інфармацыйны стэнд, указальнікі.

____________

Сучасная вёска Дунілавічы (Пастаўскі раён Віцебскай вобласці) мае доўгую і цікавую гісторыю.

Былое мястэчка раскінулася на маляўнічай узгоркавай мясцовасці над возерам Свідна пры старажытным дзяцінцы з Полацка на Вільню — Віленскім тракце. Яго яшчэ называюць Альгердавым шляхам. Хто толькі не праязджаў па гэтай дарозе праз Дунілавічы: вялікія князі Вялікага княства літоўскага, першадрукар Францішак Скарына, імператары Напалеон і Мікалай ІІ і яшчэ вельмі шмат знакамітых людзей.

Належаць да самых старых рэзідэнцый колішняга Вялікага княства Літоўскага. Упершыню згадваюцца ў 1473 годзе як уладанне князя Аляксандра Юр’евіча Гальшанскага. Належалі вялікаму князю ВКЛ Жыгімонту ІІ Аўгусту, князю Мікалаю Крыштафу Радзівілу, графу Юзафу Тышкевічу і іншым.

Сучасныя Дунілавічы першапачаткова мелі назву Данілавічы. Магчыма, таму, што іх насялялі сяляне-даннікі, якія плацілі даніну мёдам. Таксама назва можа паходзіць ад латышскага слова «dunaksts», што азначае «балотнае месца». Сапраўды, паселішча ляжыць у катлавіне, праз яго працякае рака, знаходзяцца два возеры.

                                            Аўтар:Юлія Хоміч

Смаката

Пасля аб’яднання крыкальскага калгаса “1 Мая” з калгасам “Бальшавік” у Дунілавічах,у Крыкалах была створана нарыхтоўчая база. Прымалі буйную рагатую жывёлу і вагонамі па чыгунцы адпраўлялі ў Ленінград. Суправаджаць жывёлу,паіць – карміць,наймаліся мужчыны з суседніх  вёсак.

У адну з паездак выправіўся і калгаснік Ш. з Гліншчыны.

Дарога была цяжкай і маруднай,вагон часта заганялі ў тупік для адстою.Нарэшце даехалі.

Асаблівым майстэрствам лічылася выгадна здаць жывёлу,бо ў дарозе яна губляла вагу. У гэты раз усё прайшло як патрэбна, і задаволеныя мужчыны вырашылі наведаць рэстаран.

“Закажу самае смачнае!”, — хваліўся Ш. Калі падышоў афіцыянт,то ён горда заявіў:”Бліноў драных і кавы бялёнай!!!”.

Нічога смачнейшага ў сваім сялянскім жыцці каштаваць яму не даводзілася.

Нябесная кара

Здарэнне гэта адбылося ў 50-х гадах мінулага стагоддзя.

Вёскі Салаўіха і Калінаўка (былыя Кукішы) месціліся побач і ў калгасе лічыліся адной брыгадай. Таксама яны ўваходзілі ў склад адной Лучайскай парафіі. Штогод, 26  ліпеня, там адбываўся  парафіяльны фэст у гонар Ганны і Яўхіма, бацькоў Маці Божай.

Зранку ў той дзень надвор’е было выдатнае. Праўда, запрагаць коней мужчыны не спяшаліся, бо спадзяваліся пераканаць брыгадзірку, мажную жанчыну К. з Салаўіхі, зрабіць дзень святочным, а самім наведаць фэст у Лучаі.

Тая раз’юшылася: «Вам толькі святкаваць і святкаваць, а жыта хто будзе вазіць?»

Жыта тады жанчыны жалі сярпамі, вязалі снапы і састаўлялі ў бабкі для дасушвання.

Нічога не зробіш: запраглі падводаў пятнаццаць і цэлы дзень вазілі снапы ў пуню, якая раней належыла той самай брыгадзірцы…

Вечарам надвор’е рэзка сапсавалася, найшла чорная навальнічная хмара з праліўным дажджом і моцным громам. Маланка запаліла тую пабудову — і ўшчэнт згарэлі і пуня, і жыта.

Брыгадзірка паспрабавала арганізаваць тушэнне пажару, але людзі асаблівай актыўнасці не праяўлялі. Ды хіба такое полымя  вёдрамі з вадой затушыш?

«Ёсць Бог на небе», — шапталіся калгаснікі.